ТАТА́РСКІЯ НАБЕ́ГІ НА БЕЛАРУ́СЬ у канцы 15—1-й палавіне 16 ст. Адным з найважнейшых шляхоў узбагачэння феадалаў Крымскага ханства былі грабежніцкія паходы на землі суседніх дзяржаў

(ВКЛ, Рускай дзяржавы, Польскага каралеўства і інш.). Татары спусташалі і палілі вёскі і гарады, забівалі мірных жыхароў, рабавалі іх маёмасць, вывозілі на продаж у рабства палонных. Значныя татарскія набегі на бел. землі адбыліся ў 1497 (на Мазыршчыну),

1500 (Брэст, Камянец), 1501 (Палессе), 1502 (Тураўшчына), у жн. 1503 (Капыль, Клецк, Нясвіж, Слуцк), восенню 1503 (дайшлі да Новагародка, разгромлены каля Давыд-Гарадка), у 1505 (Мінск, Слуцк, Новагародак; асобныя татарскія атрады даходзілі да Вільні, Віцебска, Друцка, Лагойска і Полацка; вывелі каля 100 тыс. палонных). У 1506 20-тысячная татарская арда ўварвалася на Беларусь і спынілася каля Клецка, дзе была разгромлена войскам ВКЛ (гл. Клецкая бітва 1506). У 1510 15-тысячная арда дайшла да Вільні. У 1521 5 тыс. татар дайшлі да Слуцка і Пінска, спалілі Мазыр і Тураў. У 1526 (1527?) 20-тысячная арда спустошыла наваколлі Турава, Пінска і Слуцка, каля Слуцка разгромлена гетманам К.І.Астрожскім. Таксама дабіўся перамогі над татарамі ў Альшаніцкай бітве 1527 на Украіне. У 1530 набег татар на Беларусь быў адбіты. У наступныя гады ў сувязі са значнымі пераменамі знешнепаліт. курсу Крымскага ханства татары нападалі на ВКЛ рэдка і не дасягалі тэр. Беларусі. З 1474 па 1569 адбыліся 75 нападаў крымскіх татар на ВКЛ, у т. л. 12 — на Беларусь. Дадатковым цяжарам на насельніцтва Беларусі клаліся разнастайныя павіннасці, якія вынікалі з мер урада ВКЛ па арганізацыі абароны. Амаль штогод з сялян збіралі ардыншчыну для выплаты крымскаму хану даніны. Сяляне і мяшчане рамантавалі і будавалі замкі, неслі дазорную службу. Татарскія напады былі адным з асн. фактараў, што тармазілі працэс сац.-эканам. развіцця Беларусі, асабліва яе паўд.-зах. часткі, у канцы 15—1-Й трэці 16 ст.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)